Кадетский бал

29.12.2014

Баль, кадэцкі баль…

Трэці раз у Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы прайшоў баль. Яго чакалі з трапяткім хваляваннем і рыхтаваліся, пад кіраўніцтвам харэографаў Ірыны Лаўровай і Ірыны Селіванавай адточвалі танцавальныя рухі.

27 снежня гукі вальса зноў ускалыхнулі пачуцці. У ззянні ёлачных упрыгажэнняў, пад кандэлябрамі-выцінанкамі статныя юнакі ў прыгожай форме лёгка кружылі з дзяўчынамі ў бальных сукенках…

- Гэта так цудоўна, так рамантычна, - вочы дзесяцікласніцы-трэцякурсніцы Аліны Гнядзько выпраменьвалі захапленне. - Трэці раз праходзіць баль, але ўсё роўна такое адчуванне, нібы адбываецца ўпершыню.

- Баль для мяне значыць вельмі многа, дазваляе ўзгадаць традыцыі продкаў. Раней гэта было вельмі прыгожае відовішча, і зараз у нашым вучылішчы традыцыя адраджаецца. І гэта выклікае пачуццё гордасці. Проста здорава, што мы маем магчымасць удзельнічаць у цудоўнай дзеі. Мы – кадэты, значыць, павінны быць сапраўднымі джэнтльменамі, спалучаць мужнасць, высакароднасць і інтэлігентнасць… Навучыліся вальсіраваць, выконваць мазурку, паланэз, падэграс. Зараз, безумоўна, для нас танцавальныя па лягчэйшыя ў выкананні, чым падчас падрыхтоўкі да першага балю, - прызнаецца навучэнец 11 класа (кадэт 4 курса) Юрый Чыжонкаў.

- Тры гады таму мы распачалі традыцыю кадэціх баляў, разумеючы, што акрамя вучобы, факультатываў, спартыўных дысцыплін і спецыяльнай падрыхтоўкі кадэты павіны быць выхаванымі,  мець вытанчаныя годныя манеры, асанку, умець прыгожа танцаваць. Элементы бальнай культуры ўдала дапаўняюць асобу грамадзяніна, будучага афіцэра, - адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Галіна Мікалаеўна Казак. – Кадэцкі баль – гэта яшчэ і магчымасць акунуцца ў атмасферу, якая закладвалася стагоддзямі, аднавіць класічную форму правядзення ўрачыстасці.

Цудоўная навучальная ўстанова – Мінскае абласное кадэцкае вучылішча  - дае магчымасць рабятам усебакова развівацца, вызначыцца з прафесіяй, атрымаць грунтоўныя веды. Тут створаны ўсе ўмовы для паспяховай вучобы і камфортнага жыцця, адзначалі падчас урачыстасці госці. Вельмі важна, што ў юным узросце кадэты ўжо ствараюць  гісторыю краіны.

Кадэтаў павіншавалі з Новым годам, пажадалі поспехаў у вучобе, падарылі вялікі апетытны торт,  дырэктару вучылішча Сяргею Віктаравічу Мяцельскаму ўручылі сертыфікат на 20 мільёнаў рублёў на набыццё неабходнага ўстанове вучэбнага абсталявання.

Візіт Дзеда Мароза, традыцыйныя забавы і майстар-клас па харэаграфіі – святочная праграма кадэцкага балю …

Валянціна РАЖАНЕЦ.