ЯК АДПАЧЫВАЕЦЕ, СЯБРЫ, У ЛАГЕРЫ «ПРАЛЕСКА»?

25.6.2015
Дзе вы ўбачыце Гулівера, Хлопчыка-з-Пальчык, Дзюймовачку, Правадыра чырванаскурых (і гэта яшчэ не ўсе!) разам, ды яшчэ весела праводзячымі час? Толькі ў «даліне самацветаў»! Лагер «Пралеска» зноў здзіўляе сваіх сяброў і тых, хто ўпершыню апынуўся тут.

Дзе вы ўбачыце Гулівера, Хлопчыка-з-Пальчык, Дзюймовачку, Правадыра чырванаскурых (і гэта яшчэ не ўсе!) разам, ды яшчэ весела праводзячымі час? Толькі ў «даліне самацветаў»! Лагер «Пралеска» зноў здзіўляе сваіх сяброў і тых, хто ўпершыню апынуўся тут.

Пры ўваходзе на тэрыторыю пільны «вартавы» пытаецца ў мяне пра мэту візіту, запісвае прозвішча ў спецыяльны сшытак. На вахце і міліцыянер. З бяспекаю – парадак. Каля будынка лагера дружным гуртам рабяты рыхтуюцца да завяршэння змены: абмяркоўваюць сцэнарый, спяваюць. Нехта малюе на асфальце. Няма ні аднаго без занятку.


Атмасфера ў лагеры пануе добразычлівая, творчая. Усе разам будуюць «даліну самацветаў»: за дасягненні і перамогі, якаснае выкананне абавязкаў, даручэнняў атрымліваюць «каштоўныя» камяні, па колькасці якіх у выніку вызначаць лепшы атрад.


Амаль трэцяя частка з пяцідзесяці адпачываючых сумяшчае прыемнае з карысным: з імі ў школе лідарства праводзяць трэнінгавыя заняткі валанцёры клуба ЮНЕСКА «Пегас» Дар’я Лобусь (СШ №5) і Паліна Аляшкевіч (СШ №13) пад кіраўніцтвам Ігара Міхайлавіча Жыціна. Работа кіпіць: у групах абмяркоўваюць, як вырашаць канфлікты, развіваюць крэатыўнасць. А на наступным этапе зоймуцца вельмі цікавай справай – інтэрактыўным тэатрам: навучацца знаходзіць некалькі спосабаў вырашэння праблем.


Ігар Міхайлавіч адзначае, што рабяты, якія прымаюць удзел у трэнінгавых занятках, цудоўныя, вельмі актыўныя. Ігар Міхайлавіч і Даша з Палінай задаволены работай з імі, спадзяюцца, што яны выкарыстаюць набыты «багаж», зацікавяцца работай клубаў ЮНЕСКА, магчыма, стануць членамі «Пегаса».

Спартыўная эстафета "Я – Беларус"

На двары лагера пачынаю размову з «грамадзянамі адпачываючымі». Кірыл, Дзяніс і Дзіма расказваюць, што ў лагеры падабаецца ўсё: мерапрыемствы, вольны час і ...ежа. Асабліва любяць хлопцы спартыўныя гульні, дыскатэкі. Цікава было паглядзець футбольны матч маладзёжных зборных Беларусі і Расіі ў Слуцку.  «Школа выжывання», летні марафон, «Вялікія гонкі», віктарыны «Усё пра Беларусь», калектыўныя творчыя справы – мерапрыемствы тут на любы густ. Зараз рыхтуюцца да конкурсу рыцараў. Сярод дзяўчат міс ужо выбралі – Дар’ю Шакун з сярэдняй школы №5. «Мне спадабаўся конкурс, – гаворыць Даша. – Самым цяжкім было для мяне  творчае выпрабаванне. Я спявала, а вакал – гэта складана. Пад  «Венскі вальс» у маім выкананні танцавала прыгожая пара. У выніку ўсіх конкурсных заданняў – карона мая. А яшчэ мяне вельмі ўразілі курсы лідараў, асабліва тэма канфліктаў. Дзякуй, што арганізавалі гэта для нас».

«У нас – самыя класныя важатыя, – уключаюцца ў размову Лізавета Бебчык, Яна Алтухова і Ксенія Друзь. – Дзмітрый Ігаравіч Густарнік, Наталля Вячаславаўна Літвінкова, Наталля Аляксандраўна Пахадня вельмі добра ставяцца да нас, разумеюць, клапоцяцца. У «Пралесцы» мы ўпершыню і паехалі б яшчэ на адну змену. Тут самыя лепшыя ўмовы, калі параўноўваць з іншымі лагерамі. І зусім не прыходзіцца сумаваць». Дзяўчаты вылучаюць і выхавальніцу другога атрада Інэсу Георгіеўну Раманюк, інструктара па фізкультуры і спорце Юрыя Васільевіча Канановіча. Выхавальнікі Наталля Уладзіміраўна Ермакова, Вольга Аляксанраўна Заяленчыц, педагог-арганізатар Аксана Аляксандраўна Гапановіч і ўсе іншыя работнікі лагера пастараліся зрабіць адпачынак дзяцей цікавым, арганізаваць камфортныя бытавыя ўмовы (у гэтым я ўпэўнілася), адзначае начальнік лагера Алена Аркадзьеўна Глуздакова. «На гэтай змене сабраліся такія цудоўныя дзеці, усе – прыхільнікі здаровага ладу жыцця», – дадае яна. Ну а пра тое, што адпачынак у «Пралесцы» незабыўны, сведчыць створаная падлеткамі група ў сацыяльных сетках.

По материалам газеты "Слуцкий край"