90 лет Николаю Николаевичу Гладкому. Сваё жыццё ён школе прысвяціў

07.05.2020
Вялікая Перамога! Колькі б ні праходзіла гадоў, яна назаўжды застанецца ў гісторыі  краін, у лёсах людзей, яе вялікае значэнне ва ўмацаванні міру на Зямлі. Сярод нас жывуць тыя, хто на свае вочы бачыў Вялікую Айчынную вайну. Адным з такіх сведкаў зяўляецца Мікалай Мікалаевіч Гладкі, які напярэдадні Дня Перамогі святкуе свой 90-гадовы юбілей.

7 мая спаўняецца 90 гадоў Мікалаю Мікалаевічу Гладкаму -  цудоўнаму чалавеку, таленавітаму кіраўніку і настаўніку, які прысвяціў сваё жыццё выхаванню падрастаючага пакалення.

Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся ў пасёлку Сухоўчыцы Ленінскага сельсавета  ў сялянскай сям’і. Дзяцінства было цяжкім, рана памёр бацька. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Колю было толькі 11 гадоў. У 1942 годзе фашысты за сувязь з партызанамі расстралялі яго маці. Сваякі забралі хлопчыка да сябе. Цётка была сувязной партызанскага атрада імя Пархоменкі. Нярэдка хлопчык перадаваў звесткі і рэчы ў атрад. Шмат разоў смерць праходзіла побач, але нейкія сілы яго ратавалі.

       Пасля вайны Мікалай пайшоў у 4-ты клас. Вучыўся выдатна. Любімым прадметам была матэматыка, у вольны час Мікалай рашаў па 15-20 задач. Добра чытаў, а чытаць вучыліся па кнізе І.В.Сталіна “Приказы”. У 1951 годзе закончыў Ленінскую сярэднюю  школу, марыў стаць ваенным, але па стане здароўя не прайшоў. Вось тады Мікалай Мікалаевіч рашыў стаць настаўнікам, сеяць разумнае,  добрае, вечнае ў сэрцах дзяцей.

                У 1953 годзе закончыў факультэт рускай мовы і літаратуры Бабруйскага дзяржаўнага настаўніцкага інстытута. З 1954-га па 1957 год служыў у арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся працаваць настаўнікам у Ленінскую сярэднюю школу, дзе быў выбраны сакратаром партыйнай арганізацыі школы.

       Ужо ў 1961 годзе Мікалая Мікалаевіча назначылі дырэктарам Акцябрскай васьмігадовай школы. У гэтым жа годзе без адрыву ад працы ён  поступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага, які закончыў у 1964 годзе. У Акцябрскай васьмігадовай школе Нікалай Мікалаевіч аддана працаваў 10 гадоў.

Аптымізм і прафесіяналізм Мікалая Мікалаевіча заўсёды прыцягвалі дзяцей. Гэта чалавек вялікай працаздольнасці, улюбёны ў сваю прафесію. І сёння ў школе Мікалая Мікалаевіча ўспамінаюць з цеплынёй і ўдзячнасцю.

       З 1971 па 1977 гады М.М. Гладкі працаваў інструктарам і загадчыкам кабінета палітасветы Слуцкага райкама КПБ. У 1977 годзе яго прызначылі загадчыкам гарадскога аддзела народнай адукацыі Слуцкага  гарвыканкама. Будучы загадчыкам гарана,  Мікалай Мікалаевіч садзейнічаў будаўніцтве ў горадзе новых устаноў адукацыі: сярэдніх школ №№8, 11,12, дзіцячых садоў №№ 5,12 (цяпер ДЦРД «“Залаты ключык”г.Слуцка»), 19, рэканструкцыі школ  №№ 1, 5,10.

За адметную працу ў галіне адукацыі Мікалай Мікалаевіч Гладкі ўдастоены ганаровага звання "Выдатнік народнай асветы БССР" (1969), узнагароджаны медалём "За доблесную працу" (1971), ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга (1989), Граматай Вярхоўнага Савета БССР і  іншымі ўзнагародамі.

       Шматгадовая  праца Мікалая Мікалаевіча адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі і падзякамі, але галоўная яго ўзнагарода – любоў, павага і памяць яго вучняў і калег. Самаадданасць Мікалая Мікалаевіча, яго невычэрпны жыццёвы парыў, душэўнасць і прафесіяналізм заўсёды будуць галоўным арыенцірам для ўсіх, хто меў шчасце вучыцца ў яго, працаваць разам з ім.

Паважаны Мікалай Мікалаевіч, шчыра віншуем Вас з 90-гадовым юбілеем! Такі юбілей - вельмі важнае і значная падзея. Прыміце ў гэты дзень глыбокую падзяку за вашу шматгадовую добрасумленную працу. Моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, невычэрпнай энергіі і аптымізму. Хай Вас заўсёды акружаюць клопат, любоў, увага родных і блізкіх  людзей!                                                                

 

Святлана Бачкоўская, старшыня

 пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі

ДУА «Акцябрская БШ».

Таццяна Кахановіч, старшыня

Слуцкай раённай арганізацыі

Беларускага прафсаюза

работнікаў адукацыі і навукі.