РАЁННАЕ ВУЧЭБНА-МЕТАДЫЧНАЕ АБ’ЯДНАННЕ НАСТАЎНІКАЎ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРАТУРЫ

05.05.2023

Гучна, цікава і пазнавальна 2 мая 2023 года ў ДУА “Сярэдняя школа № 11 г. Слуцка” адбылося пасяджэнне раённаега вучэбна-метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па тэме “Інфармацыйная культура і медыякампетэнтнасць настаўніка-філолага як сродак фарміравання маўленчай, моўнай, камунікатыўнай і лінгвакультуралагічнай кампетэнцый вучняў”.

План правядзення раённаега вучэбна-метадычнага аб’яднання ўключаў мерапрыемствы як для вучняў, так і для педагогаў.

Шчыра віталі гасцей словамі на роднай мове выканаўцы песні “Вёска” аб роднай Бацькаўшчыне.

Яркія мастацкія вобразы ўвасобіліся ў рухах танцораў, якія падаравалі ўдзельнікам урачыстага адкрыцця прыгожы танец на песню “Вышыта сарочка” (кіраўнік Севіч А.І.).

Настаўнік Дуброва А.А. разам з вучнямі педагагічнага класа школы (пад кіраўніцтвам Кулак Т.М.) правяла ўрок вывучэння новага матэрыялу ў V класе па тэме “ Неалагізмы”. У час урока вучні прынялі ўдзел у інтэрактыўных гульнях “Пазнай неалагізм” і “Закончы фразу”. Настаўнік выкарыстаў прыёмы “Чацвёртае лішняе”, “Знайдзі пару”. Цікава прайшла лексіка-арфаграфічная размінка і фізкультхвілінка.

Інтэлектуальная гульня "Сваімі словамі" была праведзена настаўнікам Якубовіч В.У. Мерапрыемства дазволіла праверыць веданне роднай мовы і літаратуры. Удзельнікі аб'ядноўваліся ў каманды і адказвалі на разнастайныя пытанні. Пры гэтым гульцы паказвалі не толькі эрудыцыю, рашучасць і здольнасць думаць крытычна, але і ўменне выказваць свае думкі з дапамогай роднага слова.

На майстак-класе «Кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні: перспектывы выкарыстання», які праводзілі Сапяжынская С.І. і Астрэйка В.М., удзельнікі пазнаёміліся з асаблівасцямі кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў і самі іх канструявалі.

Пасля наведвання адкрытых мерапрыемстваў, настаўнікі напісалі на каляровых паперах свае ўражанні. 

Падчас мерапрыемстваў вучні і настаўнікі змаглі прадэманстраваць не толькі свае інтэлектуальныя, але і творчыя здольнасці.

Агульны цёплы, душэўны настрой панаваў на працягу ўсёй сустрэчы. Раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне завяршылася, але будзем спадзявацца, што мерапрыемствы дапамаглі абудзіць ва ўдзельнікаў цікавасць да кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў, а таксама дапамаглі праявіць сябе і знайсці новых сяброў.

Раённае вучэбна-метадычнае аб’яднанне – гэта цікава! Гэта магчымасць праявіць сябе! Гэта новыя сустрэчы і знаёмствы!

Фотогалерея: